Главная страницаОбратная связьКарта сайта

220029 г.Минск, ул. Э.Пашкевич, 9-5Н

lawlib@user.unibel.by


Арыентацыя – на прамысловы вынік: Міхаіл Мясніковіч аб развіцці бізнесу, навукі і ЖКГ

19 января 2018 г.

 

Калі завяршаецца год, прынята падводзіць вынікі – палітычныя, эканамічныя, навуковыя. Аб значных падзеях 2017-га і важных задачах на бягучы год расказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Михаил Мясникович

– Міхаіл Уладзіміравіч, 2017 год для Беларусі без перабольшання можна назваць прарыўным. Прэзідэнт падпісаў адразу два найважнейшыя дакументы: дэкрэт аб развіцці прадпрымальніцтва і дэкрэт аб лічбавай эканоміцы. Якія задачы ў сувязі з гэтым стаяць перад парламентарыямі шостага склікання на чацвёртую сесію ў частцы мадэрнізацыі заканадаўства?

– Паляпшэнне ўмоў для вядзення бізнесу прадугледжана Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і шэрагам іншых нарматыўных прававых актаў. Парламент чакае сур'ёзная праца па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтымі, а таксама іншымі дакументамі і даручэннямі кіраўніка дзяржавы. У першую чаргу гэта кодэксы Рэспублікі Беларусь. Таксама трэба будзе прыняць Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Карэкціроўцы падлягаюць і некаторыя іншыя законы. У цэлым жа для рэалізацыі даручэнняў, якія ўтрымліваюцца ў названых дэкрэтах, і даручэнняў Прэзідэнта Беларусі, змяненняў і дапаўненняў патрабуюць каля трох дзясяткаў заканадаўчых актаў.

З падпісаннем Дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі» Беларусь становіцца ў ІТ-сферы свайго роду аналагам Сінгапура, які адыгрывае вялікую ролю ў глабальных фінансах. Ствараюцца беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця ІТ-індустрыі, прыцягнення ў нашу краіну найбуйнейшых міжнародных карпарацый. Мы разлічваем на фарміраванне трывалага даверу нашых патэнцыйных партнёраў, значны рост іх цікавасці да работы ў Беларусі.

Упэўнены, што эфект ад падпісаных дэкрэтаў будзе важкі і, самае галоўнае, адчувальны для нашай эканомікі, у цэлым для кожнага беларуса. Бо пашырэнне спектру і аб'ёмаў работ у ІТ-сферы – гэта дадатковая валютная выручка, новыя высокаінтэлектуальныя працоўныя месцы з высокай дабаўленай вартасцю, развіццё сферы паслуг з нізкай матэрыяла- і энергаёмістасцю.

Лічбавізацыя накіравана на ўсе сферы нашай дзейнасці: прамысловасць, банкаўскі сектар, медыцыну, адукацыю, навуку і іншыя. Цяпер усё часцей кажуць аб ужыванні тэхналогіі «блокчэйн». Не выключана, што ў сярэднетэрміновай перспектыве яе можна будзе выкарыстоўваць і ў заканадаўстве. На першым этапе – для аўтаматычнага аналізу заканадаўчай базы і выключэння дубліравання асобных нормаў, а ў далейшым – для таго, каб аўтаматызаваць і сам працэс выканання законаў. Такія падыходы сёння актыўна абмяркоўваюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, напрыклад у Расіі. Гаворка ідзе аб выкананні нормаў заканадаўства без умяшання чалавека, аўтаматычна – з дапамогай спецыфічных смарт- і іншых «разумных» кантрактаў. Усё гэта значна спросціць работу з законамі, зробіць гэты працэс адкрытым і празрыстым. Пры гэтым мінімізуюцца чалавечы фактар, злоўжыванні і г. д. Пакуль гэта яшчэ ідэі, над якімі неабходна сур'ёзна працаваць і не ўпадаць у ілюзію, што ўсё ўжо вырашана і заўтра будзе «светлая будучыня». Тут неабходна велізарная мэтанакіраваная і шмат у чым невядомая работа.

– У Беларусі на ІІ з'ездзе вучоных абмяркоўвалася стратэгія развіцця навукі і тэхналогій да 2040 года. Як вы ацэньваеце магчымасці павышэння ролі беларускай навукі для эканомікі і грамадства з улікам таго, што раней кіравалі Нацыянальнай акадэміяй навук?

– Я глыбока перакананы ў тым, што беларускія навукоўцы здольныя генерыраваць прарыўныя праекты з адчувальным эканамічным эфектам. Для гэтага Беларусь валодае неабходным кадравым патэнцыялам. У нас паспяхова развіваюцца ўласныя навуковыя школы на чале з вопытнымі, таленавітымі кіраўнікамі, праца якіх захапляе і маладых даследчыкаў. Распрацоўцы перспектыўных праектаў спрыяе і абноўленая структура Нацыянальнай акадэміі навук, у якой былі створаны і ўжо адбыліся сучасныя навукова-практычныя цэнтры і кластары, якія аб'ядналі навуку і вытворчасць.

Сёння важна сканцэнтраваць намаганні на разумнай пастаноўцы канкрэтных навуковых задач невялікага ліку прыярытэтаў, дзе ёсць навуковы патэнцыял, адпаведныя напрацоўкі і вопытныя вытворчасці. Мне ўяўляюцца такімі нана- і біятэхналогіі, хімічныя, касмічныя тэхналогіі і іншыя. Неабходны сур'ёзны маніторынг таго, што робяць у згаданых сферах калегі ў замежных краінах, трэба ўмела адаптаваць і пераймаць усё найлепшае, што зроблена замежнікамі. Распрацоўка і вытворчасць – важная справа, але галоўнае – эфектыўныя продажы. Свет сёння нічым ужо асабліва не здзівіш, але нішы ёсць, і трэба замацоўвацца на гэтых рынках за кошт навізны, якасці і выгадных цэн.

Галоўным у працы кожнага навукоўца павінна быць арыентацыя на вынік навуковы, прамысловы. Гэтага патрабуе ад акадэмічнай, галіновай і ўніверсітэцкай навукі наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Гэта правільны падыход.

Задача парламентарыяў – садзейнічаць фарміраванню нарматыўнай прававой базы, якая комплексна рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры ажыццяўленні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Гэтыя пытанні цесна ўзаемазвязаны з развіццём адукацыі, умацаваннем яе ўзаемадзеяння з вытворчасцю.

На парадку дня – далейшая праца па ўдасканаленні механізмаў фінансавання навуковых праектаў, больш актыўнага выкарыстання магчымасцяў рэспубліканскага і мясцовых інавацыйных фондаў, уваходжанне ў буйныя транснацыянальныя навуковыя праекты і іншае.

Падчас грамадскага абмеркавання праекта стратэгіі развіцця навукі і тэхналогій Беларусі да 2040 года і на ІІ З'ездзе вучоных было агучана шмат смелых і цікавых ідэй па ўдасканаленні навуковай сферы, павышэнні прэстыжу вучонага ў грамадстве. Усе гэтыя прапановы сабраны і абагульнены міжведамаснай рабочай групай, кіраўніком якой я быў прызначаны. Многія ідэі цяпер прапрацоўваюцца.

– Закрываючы трэцюю сесію, вы арыентавалі сенатараў на ўсебаковую дапамогу звычайным людзям. Традыцыйна пытанні па рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі – у ліку самых частых і набалелых. Якое ваша бачанне іх вырашэння?

– Сапраўды, у большасці галін жыллёва-камунальнай гаспадаркі захоўваецца шэраг праблемных пытанняў, і вырашаюцца яны павольна. Менавіта гэтая тэма была прадметам сур'ёзнага разгляду на рэспубліканскім семінары, які прайшоў у кастрычніку 2017 года пад кіраўніцтвам Прэзідэнта краіны. Падрыхтаваны шэраг праектаў прававых актаў, якія накіраваны на ўдасканаленне работы галіны, у тым ліку распрацоўваецца новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса.

На сумесным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі прыняты шэраг канкрэтных рашэнняў па ўдасканаленні прававых, арганізацыйных і эканамічных асноў развіцця і дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія мы перадалі ўраду.

Вывучэнне пытанняў ЖКГ у Савеце Рэспублікі выявіла цэлы шэраг і іншых задач, якія патрабуюць вырашэння. Гэта ў першую чаргу водная гаспадарка і капітальны рамонт жылога фонду. Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, безумоўна, справа важная, але па іх ёсць рашэнні кіраўніка дзяржавы. Што датычыцца воднай гаспадаркі, то, лічу, што прэсная вада – гэта наш велізарны нацыянальны здабытак. Як і лясныя рэсурсы, і калійныя солі. Ёй трэба ўдзяляць больш увагі. У апошнія гады па гэтых праблемах сур'ёзных навуковых даследаванняў не вядзецца, няма адзінай сістэмы кіравання. Праз гэта шмат у чым пачасціліся факты нерацыянальнага водакарыстання, забруджвання ваданосных гарызонтаў, прымітыўнага воднага рэгулявання. Не варта ў адрыве ад гэтых пытанняў разглядаць меліярацыю і гідраэнергетыку. Яшчэ нядаўна, каб зрабіць свідравіну на ваду, трэба было прадставіць сур'ёзныя абгрунтаванні, заключэнне спецыялістаў, атрымаць неабходныя дазволы. Чаму? Не толькі таму, што змяншаюцца запасы. Галоўнае – каб забруджванне не патрапіла ў падземныя крыніцы.

Дзяржрэгуляванне, вядзенне і маніторынг балансаў водных рэсурсаў, навукова-тэхнічную водную палітыку мэтазгодна праводзіць з адзінага рэспубліканскага цэнтра. На маю думку, у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павінен быць такі навукова-практычны цэнтр воднай гаспадаркі.

Капітальны рамонт жыллёвага фонду – найважнейшая дзяржаўная задача. Пакуль сітуацыя некрытычная, таму што жыллё адносна новае. Але што будзе заўтра? Прэзідэнт краіны на семінары па пытаннях ЖКГ выразна паставіў задачу па замене і рамонце ліфтаў. Такой жа ўвагі патрабуюць інжынерныя сістэмы і апорныя канструкцыі жылых дамоў. Пабяліць, пафарбаваць – у нас праблемы няма. А вось сур'ёзнымі інжынернымі справамі Мінжылкамгасу трэба займацца больш прадметна. Прапановы па капітальным рамонце жылля Саветам Рэспублікі ва ўрад накіраваны.

 

«Звязда», 19 снежня 2018 г.

Подписаться на новости

Актуально

Правовой форум Беларуси